РА́ЙСКІЯ ПТУ́ШКІ (Paradisaeidae),

сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў лясах Новай Гвінеі і прылеглых астравоў, ва Усх. і Паўн. Аўстраліі. Аселыя, гняздуюцца пераважна на дрэвах, трымаюцца паасобна. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.

Разнастайныя паводле знешняга выгляду, памеру 14—100 см. У большасці відаў выразны палавы дымарфізм. Апярэнне яркае, рознакаляровае, з метал. адлівам. Крылы адносна кароткія і шырокія. Хвост кароткі прамы або доўгі ступеньчаты. Дзюба моцная, у некат. доўгая, загнутая. Кормяцца насеннем, пладамі, беспазваночнымі, дробнымі жабамі, яшчаркамі. Большасць відаў — палігамы. Нясуць 1—2 яйцы.

Райскія птушкі: 1 — серпадзюбая; 2 — вялікая; 3 — чырвоная; 4 — сіняя; 5 — каралеўская; 6 — ніткавая (чарнаваты райскі ўдод).

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)